апарат для вырабу друкарскіх форм гравіраваннем формнага матэрыялу. Бываюць для высокага друку (з выдавецкіх арыгіналаў вырабляюць пераважна выяўленчыя клішэ на пласцінах з мікрацынку або пластмасы) і глыбокага друку (з выяўленчых або тэкстава-выяўленчых фотаформ гравіруюць амедненыя формныя цыліндры).
У Э.а. арыгінал або фотаформа замацоўваецца на вярчальным цыліндры аналізуючага прыстасавання, парадкова разгортваецца (сканіруецца) аналізуючай аптычнай сістэмай, пры гэтым светлавое выпрамяненне пераўтвараецца ў эл. сігналы, якія ўзмацняюцца і прыводзяць у дзеянне разец эл.-магн. прыстасавання (у лазерным Э.а. рэжучы інструмент — прамень лазера). Гравіраванне бывае лінейчастым і кропкавым (пры апошнім паглыбленні атрымліваюцца ў выглядзе квадратаў рознай глыбіні і плошчы), яно выдаляе ч. матэрыялу з прагальных элементаў клішэ, якое гравіруецца, або з друкавальных элементаў формнага цыліндра глыбокага друку. У параўнанні з фотахім. працэсамі цынкаграфіі выкарыстанне Э.а. забяспечвае поўную аўтаматызацыю і паскарэнне вырабу друкарскіх форм, аднак атрыманне гравіраваных клішэ высокага друку на Э.а. тэхналагічна саступае вырабу фотапалімерных форм (спосабам фотаполімерызацыіспец. кампазіцый пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення). Першы Э.а. створаны ў 1932 у ЗША, у 1934 у СССР.
Літ.:
Технология изготовления печатных форм. М., 1990;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. М., 1991.
У.М.Сацута.
Электрагравіравальны апарат. Схема электронна-механічнага гравіравальнага аўтамата глыбокага друку: а — аналізуючае прыстасаванне; б — гравіравальнае прыстасаванне; в — электронны блок; г — кіравальнае прыстасаванне; 1 — арыгіналатрымальнік; 2 — фотагалоўка; 3 — формны цыліндр; 4 — гравіравальная галоўка з алмазным разцом.